|
Угодкi чарнобыльскай трагедыi |
“Зорка Палын”- пад гэтым знакам 22 красавіка 2009 года прайшла чарговая літаратурна-музыкальная гасцёўня Міколы Шабовіча. Галоўнай асобай вечарыны быў, зразумела, Міхась Башлакоў, які прачытаў урыўкі з сваёй паэмы “Лілея на цёмнай вадзе” – “Радуніца ў мёртвай зоне”, “Пасланне Іераміі".
Міхась Захаравіч расказаў, што ў першыя гады пасля выбуху часта даваў выступленні ў “мёртвай зоне”. Але сапраўднае разуменне трагічнасці падзеі прыйшло да яго значна пазней. І менавіта ў апошнія гады былі напісаны найбольш шчырыя вершы. Усё часцей Мікола Шабовіч запрашае на гасцёўню маладых паэтаў і выканаўцаў. У гэты раз мы пазнаёміліся з творчасцю Алены Чарняўскай (вершы “Рамонак”, “Дзякуй”, “Маршрутка”, “Нямесныя”), студэнткі другога курса педагагічнага ўніверсітэта Алены Паляковай (песня “Рэха жураўлінае”), патрыятычнай лірыкай студэнткі ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вольгі Злотнікавай. Таццяна Прышчэпава здзівіла прысутных эмацыянальнасцю выступлення, сваім акцёрскім майстэрствам, гумарам. Песні студэнта БНТУ Андрэя Цішчанкі гучалі быццам на мяжы бардаўская творчасці і гітарнага рока. Госці пачулі песні “Калыханка”, “Чорныя крылы, белыя крылы” у выкананні Ганны Чумаковай. Дзмітрый Пятровіч выканаў песню “Пералётныя птушкі” на вершы Міколы Шабовіча. Ганна Віскушэнка парадавала песняй уласнага сачынення “Влюблённое сердце” і вядомай песняй “Нежность” (“Опустела без тебя земля…”). На вечарыне задавальненне атрымалі ўсе – і госці, сярод якіх быў і рэктар інстытута В.І.Талкачоў, і артысты. Выканаўцы зрабілі камплімент нашай ВНУ – толькі ў нас такая цёплая, чулая аудыторыя. |