|
27 лістапада 2008 года адбылася літаратурна-музычная гасцёўня, прысвечаная творчасці сучаснага класіка беларускай паэзіі Міхася Башлакова. Ён прадставіў свае зборнікі «Нетры» і «Палын.Чарнобыль». Міхась Захаравіч назваў зборнікі вынікам сумеснай працы з мастаком Міхасём Барздыкам. Абедзве кнігі былі адзначаныя на міжнародных конкурсах за арыгінальнасць афармлення.
На вечарыне гучала патрыятычная лірыка. Без пустога пафаса і лозунгаў, але з вострымі словамі, якія, мы спадзяемся, кранулі слухачоў. Для Башлакова сапраўдны паэт – той, хто ходзіць па вастрыі ляза, не баіцца нікога і нічога. Толькі з такім настроем творца можа сябе такім адчуваць і быць. Ён узгадаў Янку Купалу, які ў ранні перыяд сваёй творчасьці паўстае як вялікі паэт, а свае вершы 30-х гадоў сам называе не інакш, як “дрындушкамі”... І Міхась Башлакоў так вызначыў сваё творчае крэда– не пісаць “дрындушкі”, тварыць без канфармізму і страха. Гэты чалавек выступаў з такой адданасцю, з такім натхненнем, што ўжо праз некалькі хвілін прысутныя не звярталі на яго невысокі рост, сціплы выгляд - бачылі перад сабой Паэта. Башлакоў, так бы мовіць, “захапіў” аудыторыю сваёй натуральнасцю, шчырасцю, артыстызмам, творчай харызмай.
Чарнеюць рамонкі за матчынай хатай. Конь пасвіцца чорны ля цёмнай вады. І хлопчык мой цягне свае ручаняты... “Не трэба, не рві.... Гэта рэха бяды...”
Любімы мой край... Самы лепшы на свеце... Ад гора счарнеў. Памірае мой край... Галосіць начамі чарнобыльскі вецер. Між спелага лета асеніцца гай.
Нябачна струменяцца стонцый і цэзій. Няма на зямлі маёй болей паэзіі... Самотна-самотна зязюля кувае, Відаць, напаследак... Мой край памірае...
Мой хлопчык, мой любы, ты жыць пачынаеш... Як Божая Мацер, Радзіма глядзіць... Пакутныя вочы... Слязінка святая, На чорным пялёстку слязінка зіхціць...
Міхась Башлакоў запрасіў на вечарыну сваіх сяброў – маладую паэтку і выканаўцу Ганну Чумакову і Дзмітрыя Пятровіча. Дзяўчына праспявала некалькі песень на вершы Башлакова, на ўласныя вершы. Выкананне ўразіла гарманічным спалучэннем пяшчотнага “дзявочага” голаса і нашай меладычнай мовы. Дзмітрый Пятровіч ізноў здзівіў нас як майстра – тэму да адной з песень на верш Башлакова ён скончыў пісаць за некалькі хвілін да выступлення - мелодыя атрымалася цудоўная! Мікола Шабовіч прачытаў сваю пародыю “Пакінь хоць “Людзі на балоце!” і прысвячэнне “Міхасю Башлакову”, у якім ёсць наступныя словы:
Усё ў жыцці невыпадкова, І нават гэтыя радкі, Чытайце кнігі Башлакова - Паэта з Божае рукі.
Мы далучаемся да пажаданняў Міколы Шабовіча і ўсім раім пазнаёміцца з творчасцю выдатнага паэта Міхася Башлакова. |